Служба бяспекі Украіны правяла беспрэцэдэнтную спецыяльную аперацыю і выкрыла агента расійскай ФСБ у сваіх шэрагах. Прычым першапачаткова СБУ яго выкарыстоўвала для дэзінфармацыі ворага, а пазней затрымала. Цяпер сталі вядомыя падрабязнасці справы.
Служба бяспекі Украіны выкрыла ў сваіх шэрагах здрадніка, які працаваў на Федэральную службу бяспекі Расіі, і спыніла дзейнасць агентурнай сеткі варожых спецслужбаў. Агентам аказаўся адзін з высокапастаўленых афіцэраў СБУ — кіраўнік штаба Антытэрырастычнага цэнтра Служба бяспекі Украіны. Прозвішча меркаванага расійскага агента ўкраінцы не назвалі, але журналісты высветлілі, што гэта — Дзмітрый Казюра, які больш за 20 гадоў меў доступ да звыш сакрэтнай інфармацыі і шырокага кола кантактаў у службе.
Генерал-лейтэнант Васіль Малюк (справа) з затрыманым кіраўніком штаба Антытэрарыстычнага цэнтра Службы бяспекі Украіны. Крыніца: Служба бяспекі Украіны
Следства заявіла, што зафіксавана 14 эпізодаў яго супрацоўніцтва з расіянамі. Агент быў выкрыты дзякуючы шыфраваным закладкам у яго гаджэтах — мабільных прыладах і камп’ютарах, што дазволіла СБУ сачыць за кожным яго крокам. Праз шпіёна ўкраінцы таксама перадавалі дэзінфармацыю праціўніку.
За аперацыяй сачыў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, якому аб яе ходзе асабіста дакладваў старшыня Службы бяспекі Украіны генерал-лейтэнант Васіль Малюк. Ён сказаў, што аперацыя была складанай і шматвектарнай.
— Мы правялі крымінальнае расследаванне па 111-м артыкуле — дзяржаўная здрада. Быў затрыманы кіраўнік штаба Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ. Ён ажно з 2016 года ўзначальваў Антытэрарыстычнае ўпраўленне СБУ. Гэта была вельмі складаная распрацоўка і далейшая рэалізацыя аперацыі, падчас якой мы выкарысталі яўныя і няяўныя метады дзейнасці, а таксама ўсе магчымыя аператыўна-тэхнічныя складнікі аператыўнай працы.
Генерал Малюк асабіста ўваходзіў у аператыўна-следчую групу і ўзначальваў аперацыю па затрыманні агента, якая атрымала кодавую назву «Пацук».
Для выяўлення і затрымання варожага агента была праведзеная беспрэцэдэнтная па сваім узроўні спецаперацыя з прыцягненнем складанага комплексу галосных і негалосных мерапрыемстваў.
Супрацоўнікі СБУ сачылі за агентам днём і ноччу, яны кантралявалі кожны яго крок: кантакты, зносіны, перапіску, прычым ён увесь час знаходзіўся пад назіраннем, сказаў прэс-сакратар СБУ Арцём Дзехцярэнка.
— Затрыманы здраднік ужо працяглы час знаходзіўся ў нашай распрацоўцы. Яго фактычна атачылі з усіх бакоў — цэлыя суткі кантралявалі кожны яго крок: кантакты, адносіны, перапіску. Мы літаральна «жылі» ў яго тэлефоне, і ён пастаянна знаходзіўся пад аўдыё- і відэаназіраннем. Нейтралізацыя такога здрадніка — гэта без перабольшвання гістарычная спецаперацыя, беручы пад увагу ўзровень агента, яго прафесійную падрыхтоўку і маштаб шкоды, якую ён патэнцыйна мог бы нанесці дзяржаўнай бяспецы падчас вайны.
СБУ не толькі выкрыла агента ФСБ, але і выкарыстоўвала яго ў контрразведвальнай гульні: праз шпіёна Служба бяспекі насычала ворага вялікім масівам дэзінфармацыі. Таксама, каб выключыць нанясенне шкоды дзяржаўнай бяспецы Украіны, фігуранту быў абмежаваны доступ да сапраўды важных дадзеных.
Паводле следства, ФСБ даручыла сваёй агентурнай сетцы збор і перадачу інфармацыі з абароннай сферы. У прыватнасці, расіян цікавіла тое, што Украіна ведае аб дыслакацыі і перамяшчэнні варожых сіл на фронце. Агент таксама меў паведамляць пра стан крытычнай інфраструктуры, дадзеныя аб высокапастаўленых чыноўніках Украіны, стан узбраення ўкраінскай арміі і вынікі расійскіх абстрэлаў украінскіх населеных пунктаў.
У справе таксама фігуруюць бацькі падазраванага ў здрадзе, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію і ведалі аб дзейнасці сына. Дарэчы, яны таксама знаходзіліся на праслухоўцы СБУ. Ім высунутае абвінавачанне ў апраўданні агрэсіі.
СБУ было ўстаноўлена, што Казюра атрымліваў інфармацыю праз канспіратыўную кватэру ў Кіеве, выкарыстоўваючы спецыяльны тэлефон і SIM-карту для перадачы сакрэтных дадзеных.
У матэрыялах крымінальнай вытворчасці задакументавана 14 маштабных эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці. Прычым СБУ паведаміла, што можа паказаць грамадству толькі частку, улічваючы заканадаўчыя абмежаванні, і з той мэтай, каб вораг не атрымаў дадатковую інфармацыю.
Падазраванаму пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці.
Валеры Саўко
шырэй на тэму — слухайце аўдыёфайл